Чалавек – кніга, у якую заўжды цікава зазірнуць…У кожнага чалавека – свая энергетыка. З кімсьці лёгка знаходзіцца побач і хутка з’яўляюцца тэмы для размовы, з кімсьці – наадварот. Са Святланай – светла. Сонечна. Маленькая, кволая дзяўчына на калясцы, а колькі ж у ёй спакою і ўпэўненасці!.. Мы п’ём каву, размаўляем. Размаўляем на розных мовах, дарэчы, але цудоўна адна адну разумеем. Жартуем – атрымліваецца своесаблівы перакладніцка-лінгвістычны практыкум: сям’я Святланы прыехала ў Беларусь з расейскага Тальяці, і такую “порцыю” беларускай яна ўпершыню атрымала ад маёй сціплай асобы. Света сумуе па волжскіх пейзажах, па старых сябрах, але ўжо паспела палюбіць Беларусь. Размаўляем пра жыццё, каханне, сяброўства, працу, каву… Пра праблемы інвалідаў – таксама. З-за складанага мышачнага захворвання Света перамяшчаецца толькі на інвалідным вазку, але гэта не перашкаджае ёй вучыцца, працаваць, мець шмат сяброў па ўсім свеце ды радавацца жыццю. Дзяўчына самастойна вывучыла нямецкую мову і мінулым летам разам са сваёй сям’ёй падарожнічала па Германіі (даўно запрашалі сябры). Д. Л. : Што найбольш здзівіла і ўразіла цябе ў Нямеччыне? Святлана: Здзіўляе колькасць калясачнікаў на вуліцах і іх магчымасць свабодна перамяшчацца ў прасторы – на тэрыторыі крамы, рэстарацыі або сярэднявечнага замка… Каляскі – таксам цуд тэхнікі. Напрыклад, пярэдняе сядзенне аўто можа пераўтварыцца ў каляску для прагулак, а потым зноўку стаць часткай машыны. Д. Л.: Ці можа чалавек з цяжкой інваліднасцю стаць незалежным ад сваёй хваробы? Святлана: Адказваючы на гэта пытанне, можна кнігу напісаць! Спачатку трэба акрэсліць паняцце незалежнасці… Асабіста для мяне, характэрная прыкмета ўнутранай незалежнасці – здольнасць адкрыта выказваць свае погляды, перакананні і жыць у адпаведнасці з імі. І…прыняцце самой сябе. Спакойнае прыняцце сябе, свайго цела, асаблівасцей характару і здольнасцей, разуменне таго, што табе дадзена, а што – не. Думаю, што страх выказваць свае пачуцці і няёмкасць ад выказвання сваёй фізічнай слабасці – прыкмета менавіта залежнасці. Адзін нямецкі доктар сказаў мне, што здароўе – ўменне жыць са сваёй хваробай… Да гэтага варта імкнуцца. Не буду пералічваць прыклады, калі цяжка хворыя людзі дасягнулі ў жыцці фінансавай незалежнасці і жывуць актыўным, паўнавартасным жыццём… Не ва ўсіх так атрымліваецца і не ў гэтых знешніх атрыбутах – годнасць чалавека… А ў чым? Кожны шукае адказ самастойна… Д. Л.: Хто можа дапагчы чалавеку з прыроджанай або набытай інваліднасцю знайсці сваё месца ў жыцці? Святлана: Тут вельмі шмат залежыць ад бацькоў і сям’і. Калі нараджаецца дзіця з цяжкім захворваннем (а медыкі сцвярджаюць, што яно доўга не пражыве), спадарожнікам малечы часта становіцца безнадзейнасць, прадвызначанасць… Не раз яму прыдзецца сустракаць “спачувальныя” погляды чужых людзей – “Бедны! У яго няма будучыні…”. Нават настаўнікі могуць не надаваць вялікага значэння навучанню дзіцяці-інваліда: маўляў, усё адно ён працаваць не зможа і нічога не дасягне ў жыцці. Такія рэчы не надаюць аптымізму, але, калі дома дзіця будзе сустракаць другія да сябе адносіны – падтрымку, сяброўства, любоў – усе цяжкасці будуць пераадольвацца значна прасцей, а шкадаванне беднага дзіцяці дабразычліўцамі будзе ўспрынята з усмешкай. Людзі ж розныя сустракаюцца, камусьці прыходзіцца даказваць звычайныя рэчы. Д. Л.: У цябе цудоўныя бацькі, якія падтрымліваюць. Ты студэнтка Маскоўскага Дзяржаўнага Універсітэта Друку. Скажы, калі ласка - складана вучыцца дыстанцыйна? Святлана: Для мяне гэта самы аптымальны варыянт навучання, таму што не маю магчымасці наведваць лекцыі з-за стану здароўя і ў той жа час хачу атрымаць вышэйшую адакацыю. Перавага дыстанцыйнай формы навучання ў тым, што ты самастойна вызначаеш графік заняткаў – і наперад: усё з дапамогай кампутара і Інтэрнэта. Думаю, дыстанцыйная вучоба – вельмі перспектыўны накірунак, які будзе хутка развівацца. Д. Л.: Плануеш працаваць па спецыяльнасці? Святлана: А я ўжо працую: займаюся капірайтынгам і журналістыкай (завочна скончыла міжнародныя курсы журналістыкі). У асноўным гэты фры-ланс – мне замаўляюць артыкулы, прэс-рэлізы праз Інтэрнэт, і я выконваю замовы. Добрая практыка! Мару стварыць свой часопіс і выдаць кнігу… Наогул, вельмі шмат планаў і задумак – і шмат працы. А яшчэ ёсць сябры і блізкія людзі, а я ніколі не шкадую часу на зносіны і вельмі люблю новыя знаёмствы! Чалавек – кніга, у якую заўжды цікава зазірнуць… …Але не кожную кнігу мы здольны дачытаць - некаторыя ж перачытваем не раз… Святлане хочацца пажадаць ажыццяўлення мараў і поспеху ва ўсіх творчых праектах, а галоўнае – заўжды заставацца светлым ліхтарыкам надзеі і любові. Без якіх немагчыма. Жыць. Пару радкоў з біяграфіі Святлана Маршчацкая. 1977 г. нар. Скончыла сярэднюю школу ў горадзе Тальяці. Самастойна вывучала жывапіс, псіхалогію, нямецкую мову. Скончыла міжнародныя курсы журналістыкі. Цяпер студэнтка 3 курса Маскоўскага Дзяржаўнага Універсітэта Друку, факультэт кніжнай справы і рэкламы. Супрацоўнічае з Моладзевым цэнтрам Саюза журналістаў Расеі. Жыве і г/п Чысць і любіць Беларусь Дарья Лис
|